Пакуль прапаганда з усёй сілы крытыкуе дзеянні ЗША, Аляксандр Лукашэнка дагэтуль ніяк не выказаўся пра смерць вярхоўнага лідара Ірана Алі Хаменеі. Ці сведчыць гэта пра тое, што беларускі палітык спалохаўся Трампа? Не выбраў стратэгіі? І як далей будуць складвацца ўзаемаадносіны Мінска і Вашынгтона? Пра гэта «Люстэрка» спытала ў палітычнага аглядальніка інфармацыйнага агенцтва «Позірк» Аляксандра Класкоўскага.
Класкоўскі адзначае: не выключана, што Лукашэнку даводзіцца стрымлівацца, каб не адрэагаваць на дзеянні ЗША ў Іране.
— Бо ён баіцца паставіць пад удар працэс так званай вялікай угоды з Вашынгтонам. Таксама ў яго ёсць прагматычная мэта — па магчымасці атрымаць бонусы ў выглядзе зняцця тых ці іншых санкцый. Некалькі этапаў гэтага працэсу ўжо адбылося, — разважае эксперт. — Улічваючы, што Трамп некалькі разоў нагадваў Лукашэнку, што чакае вызвалення яшчэ больш чым тысячы палітвязняў, а ягоны спецпасланнік Джон Коўл адносна нядаўна ў розных інтэрв'ю заяўляў, што працуе над вызваленнем вялікай групы палітвязняў, можна зрабіць выснову, што закулісны перамоўны працэс з камандай Трампа працягваецца. І Лукашэнка не хоча яго зрываць.
Не выключае Класкоўскі і таго, што затрыманнем прэзідэнта Венесуэлы Нікаласа Мадура і атакай на Іран Трамп паказаў свой круты нораў і ў прынцыпе напалохаў беларускага палітыка.
— А між тым Злучаныя Штаты да апошняга часу вялі перамовы з іранцамі ў Жэневе. Чарговы іх раўнд прайшоў літаральна ў апошнія дні лютага. І адразу пасля гэтага, фактычна абвінаваціўшы Іран у незгаворлівасці і ў тым, што з яго віны зрываецца дыялог, ЗША разам з Ізраілем абрынулі масіраваныя ракетна-бомбавыя ўдары, — разважае суразмоўца «Люстэрка». — Таму Лукашэнка бачыць, што з Трампам лепш не сварыцца, лепш яго не раздражняць.
Пры гэтым Класкоўскі сумняваецца, што ЗША правядуць у дачыненні да Лукашэнкі такую аперацыю, як з Мадура або Хаменеі, бо ў беларускага палітыка ёсць пратэкцыя Крамля.
— Трампу, вядома, лезці на фактычна расійскую тэрыторыю, як цяпер многія на Захадзе ўспрымаюць Беларусь, таксама недарэчы. Усё ж такі Расія — ядзерная дзяржава, і з ёй лепш паводзіцца асцярожней. Але гэтыя экзістэнцыйныя фобіі ў Лукашэнкі, безумоўна, прысутнічаюць, — мяркуе эксперт.
Ён дапускае, што праз нейкі час Лукашэнка можа адносна стрымана выказацца пра іранскія падзеі. Нешта падобнае ўжо было ў сітуацыі з Мадура.
— Тады ён таксама доўга маўчаў, а потым асцярожна сказаў, што амерыканцы, маўляў, дзейнічалі груба, а ў яго былі парады, як культурней і мякчэй можна было б вырашыць венесуэльскую сітуацыю. То-бок гэта крытыка, але завуаляваная, — тлумачыць эксперт. — Не выключаю, што і пра Іран ён неўзабаве можа выказацца ў такім жа асцярожным ключы. Але нават калі нешта прагучыць, думаю, Трамп не занадта зверне ўвагу. Наўрад ці ён чытае «Советскую Белоруссию» і сочыць за ўсімі заявамі Лукашэнкі. Калі падначаленыя не данясуць інфармацыі, ён можа наогул не даведацца пра гэта.
Што да далейшых беларуска-амерыканскіх адносін, то стратэгія Лукашэнкі моцна звужаецца праз Крэмль, мяркуе аналітык.
— Мы бачылі, як Лукашэнка з вялікім энтузіязмам адным з першых падпісаў дакумент пра далучэнні Беларусі да «Рады міру», арганізаванай Трампам, — кажа ён. — І, магчыма, яму хацелася паляцець у Вашынгтон. Але перад гэтым прагучала некалькі папераджальных «стрэлаў» з боку Масквы. Я маю на ўвазе вядомую заяву Службы замежнай разведкі Расіі, потым каментар афіцыйнай прадстаўніцы расійскага МЗС Марыі Захаравай. Сэнс быў адзін: з амерыканцамі трэба быць асцярожнымі, яны падступныя, яны рыхтуюць нейкія змовы супраць Лукашэнкі. Зразумела, што падтэкст быў такі: не падлашчвайся да амерыканцаў, Крамлю гэта не вельмі падабаецца.
Здавалася б, навошта гэта Расіі, бо Лукашэнка і так даволі моцна прывязаны да Масквы. Класкоўскі лічыць, што тут граюць «экзістэнцыйныя фобіі імперыі».
— Беларусь для іх — стратэгічны плацдарм, «балкон», як яны называюць, што навісае над Украінай і заходзіць на тэрыторыю краін NATO. І страціць такую стратэгічна важную тэрыторыю — гэта кашмар. Таму яны вырашылі ачарніць Лукашэнку, і, магчыма, з гэтай прычыны ён не паляцеў у Вашынгтон на «Раду міру», — разважае аналітык. — Але давайце ўспомнім маналог Лукашэнкі, калі ў Мінск прылятаў Сяргей Глазьеў, дзяржсакратар так званай Саюзнай дзяржавы. Там беларускі палітык, з аднаго боку, апраўдваўся перад Крамлём, а з іншага — асцярожна прагаворваў, нібы прасіў дазволу. Маўляў, можа, не ў Вашынгтон, а дзе-небудзь бліжэй, напрыклад, у Турцыі, калі будуць чарговыя саміты гэтай «Рады міру», хацелася б усё ж паўдзельнічаць. То-бок у ім усё ж жыве жаданне працягваць нечаканы этап адносін з Вашынгтонам, які ён лічыць падарункам лёсу. Для яго гэта магчымасць геапалітычнага манеўру, хай і абмежаванага, магчымасць легітымізацыі, магчымасць паспрабаваць праціснуцца ў мірны працэс па Украіне. Яму важна хоць трохі ўмацаваць сваю палітычную суб’ектнасць, якая сур’ёзна пахіснулася пасля 2020 года і асабліва пасля 2022 года ў сувязі з суўдзелам у агрэсіі.
Пры гэтым Класкоўскі дадае, што сапсаваць адносіны з ЗША Лукашэнка цалкам можа, варта яму толькі перагнуць палку падчас таргоў па зняцці санкцый у абмен на вызваленне палітвязняў.
— Ён у няпростай сітуацыі: бачыць, наколькі запальчывы Трамп, і занадта ціснуць, празмерна ўпірацца, завышаць цану небяспечна, бо прэзідэнт ЗША можа раззлавацца, і тады ўвесь працэс пойдзе пад адхон, — кажа эксперт. — Асабліва калі Лукашэнка занадта ўпрэцца: напрыклад, запатрабуе, каб амерыканцы націснулі на Літву па Клайпедзе або на Брусэль, каб ЕС здымаў свае санкцыі, якія больш жорсткія за амерыканскія. Вось тут можа каса на камень наскочыць.
Ёсць і яшчэ адзін патэнцыйна небяспечны сюжэт: у снежні на Усебеларускім народным сходзе Лукашэнка згадаў, што прапанаваў амерыканцам купіць Нежынскі горна-ўзбагачальны камбінат (за 3,3 млрд даляраў. — Заўв. рэд.). Невядома, што яны на гэта адказалі. Але калі Трамп сур’ёзна зацікавіцца беларускім каліем, а Лукашэнка не саступіць і будзе патрабаваць вялікіх грошай, то і на гэтай глебе магчымы канфлікт. І калі выгадная ўгода не адбудзецца, амерыканскі прэзідэнт сапраўды можа раззлавацца. Але, думаю, Лукашэнка разумее гэтую рызыку, таму будзе старацца гнутка выбудоўваць перамовы з амерыканцамі.
Чытайце таксама









