Ці магчыма стаць прэм’ер-міністрам у 26 гадоў? Журналіст Язэп Варонка сваім прыкладам даказаў, што так. Ён, як і мы, жыў у час пераменаў і паспеў пабыць першым кіраўніком урада Беларускай Народнай Рэспублікі, літоўскім міністрам, амерыканскім эмігрантам, стварыў першую беларускую газету ў ЗША. І, у адрозненне ад большасці калег па БНР, не стаў ахвярай рэпрэсій. Расказваем захапляльную біяграфію гэтага чалавека ў сімвалічную дату — Дзень Волі. 25 сакавіка 1918 года была абвешчана незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэтая першая спроба стварыць нашу ўласную нацыянальную дзяржаву закончылася няўдала, але без яе, хутчэй за ўсё, не існавала б сучаснай Беларусі.
Раней мы ўжо расказвалі пра іншых дзеячоў, што стаялі ля вытокаў БНР: Івана і Антона Луцкевічаў, Рамана Скірмунта, Вацлава Ластоўскага, Палуту Бадунову і Кіпрыяна Кандратовіча.
Першы прэм’ер
Пра маладосць Язэпа Варонкі вядома няшмат, ды й яго асобнай біяграфіі дагэтуль не створана. Ён нарадзіўся ў 1891 годзе на гістарычнай Гродзеншчыне ў вёсцы Кузніца (цяпер гэта тэрыторыя Польшчы пры самай мяжы з Беларуссю) ў сям'і беднага селяніна, які стаў кавалём, а пасля паштальёнам. Бацька хацеў, каб сын атрымаў адукацыю, і адправіў яго ў сталіцу Расійскай імперыі, якой тады належалі нашыя землі. Язэп быў вольным слухачом юрыдычнага факультэта Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта, адкуль яго ў 1914-м выключылі за нясплату грошай за навучанне. Акурат у тым годзе пачалася Першая сусветная вайна, у якой Расіі ў тым ліку супрацьстаяла Германія. Варонка стаў зарабляць на жыццё журналістыкай у шэрагу пецярбургскіх выданняў, пісаў рускамоўныя вершы, якія публікаваў пад псеўданімам.
Жыццё Язэпа змянілася ў пачатку 1917 года, калі ў імперыі адбылася рэвалюцыя і імператар Мікалай ІІ адмовіўся ад трона. Гэта рэзка актывізавала беларускі нацыянальны рух. У прыватнасці, адрадзілася Беларуская сацыялістычная грамада (БСГ), створаная яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя. Што праўда, яе сацыяльны радыкалізм (напрыклад, патрабаванне ліквідаваць прыватную ўласнасць на зямлю) палохаў многіх заможных людзей.
Варонка ўвайшоў у склад БСГ, а ў чэрвені 1917-га ўжо стаў сябрам яе Цэнтральнага камітэта і быў у віхуры ўсіх асноўных падзей таго года. Ад імя Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый, якая прадстаўляла іх на ўзроўні імперыі, Варонка выступаў на шматлікіх агульнарасійскіх сходах (тым больш што жыў яшчэ ў Петраградзе). У створанай у кастрычніку Вялікай беларускай радзе ён адказваў за юстыцыю і ўнутраныя справы. У тым жа месяцы ён выступіў у падтрымку ідэі, якую выказалі яго калегі: увесці аўтаномію Беларусі явачным парадкам — то бок проста паставіць перад фактам, не запытваючы згоды ў расійскага Часовага ўрада (той быў супраць).
Ужо ў снежні 1917-га Варонка вярнуўся ў Менск. Магчыма, на тое паўплывалі змены ў Расіі: Часовы ўрад зрынулі бальшавікі, і Язэп зразумеў, што ў такі момант будзе больш карысным дома. У тым жа месяцы ён узяў удзел у Першым Усебеларускім з’ездзе. Дэлегатаў яго выбіралі па ўсёй краіне і сярод нацыянальных беларускіх арганізацый, некаторыя былі за аўтаномію і нават незалежнасць Беларусі, іншыя — за моцную сувязь з Расіяй. Удзельнікі з’езда паспелі прызнаць права беларусаў на самавызначэнне і ўсталяванне дэмакратыі, пасля чаго бальшавікі разагналі з’езд. Неўзабаве дэлегаты сустрэліся нелегальна і абралі Раду Усебеларускага з’езда (105 чалавек) і яе выканаўчы камітэт з 17 чалавек. Узначаліў яго Язэп Варонка.
Бальшавікі імкнуліся выйсці з Першай сусветнай: яны разумелі, што народ стаміўся ваяваць. Аднак у нейкі момант перамовы з Германіяй былі сарваныя, і немцы перайшлі ў наступ. У ноч на 19 лютага 1918 года бальшавікі эвакуяваліся з Менска. У гэтых умовах Рада выйшла з падполля і 21 лютага Першай Устаўной граматай абвясціла сябе найвышэйшай часовай уладай у Беларусі і сфарміравала ўрад — Народны сакратарыят. Гэта быў першы ўласны ўрад беларусаў. Часовая ўлада мусіла дзейнічаць да склікання Усебеларускага Устаноўчага сходу.
Кіраўніком Народнага сакратарыята — то-бок фактычна прэм’ер-міністрам — і сакратаром міжнародных спраў быў абраны Язэп Варонка.
У той жа дзень, 21 лютага, Мінск занялі немцы. Яны прызналі Сакратарыят не ўрадам, а толькі прадстаўніцтвам беларускага насельніцтва. Тады 9 сакавіка выканкам Рады Другой Устаўной граматай абвясціў Беларускую Народную Рэспубліку, а ў ноч з 24 на 25 сакавіка Трэцяй граматай — незалежнасць БНР. Дарэчы, Варонка, які яшчэ і працаваў намеснікам старшыні дырэкцыі Беларускага нацыянальнага тэатра, 25 сакавіка мусіў з’явіцца на суд па гаспадарчых пытаннях, але так і не прыйшоў — было ўжо не да таго.
Так Язэп Варонка ўвайшоў у гісторыю Беларусі як першы прэм’ер-міністр. Да таго ж менавіта пасля яго дакладу гербам БНР стала «Пагоня». Між іншым, яму тады было ўсяго 26 гадоў, Сярэдні век яго калег ва ўрадзе складаў 29 гадоў, а найстарэйшым быў 40-гадовы скарбнік Народнага сакратарыята Васіль Захарка.
Першаму беларускаму кабінету міністраў давялося дзейнічаць у надзвычай неспрыяльных умовах нямецкай акупацыі. Прэм’ер зрабіў шмат, каб незалежнасць Беларусі прызналі як Германія, так і суседзі, але выніку не дабіўся. Узяць уладу ўнутры краіны таксама толкам не атрымалася. Варонка выдаў пастанову, паводле якой усе без выключэння ўстановы краю павінны былі перайсці ў падпарадкаванне Народнага сакратарыята. Аднак рэальна пераняць уладу «кабмін» змог выключна над установамі адукацыі і культуры, шмат якія ствараючы з нуля.
Не пайшло на карысць і тое, што каманда БНР была амаль цалкам сацыялістычнай, рэй у ёй вялі сябры ўсё той жа БСГ. Яны выступалі з лозунгамі свабоды, роўнасці і братэрства (бальшавікі тады яшчэ не паспелі іх дыскрэдытаваць), таму арыентацыя была на сялян. Зацікавіць сваёй праграмай заможных жыхароў Беларусі першы ўрад не мог.
Літоўскі міністр
Першы склад Народнага сакратарыята, папрацаваўшы тры месяцы, трапіў ва ўнутраны крызіс і склаў паўнамоцтвы. Мандат на фарміраванне новага ўрада атрымаў Раман Скірмунт — адзін з найбагацейшых тады людзей Беларусі, былы дэпутат Дзярждумы. Падчас пасяджэння Рады БНР Варонка з пафасам сказаў пераемніку: «Судзіце нас за памылкі нашы». Аднак новы прэм’ер, палітычны праціўнік сацыялістаў, адказаў: «Суд над вамі — гэта суд над намі ўсімі; нас будуць судзіць гісторыкі. Не судзіць, а дзякаваць мы павінны вам, першым носьбітам і ўвасабляльнікам ідэі незалежнасці Беларусі».
Ліберал Скірмунт прапанаваў левым увайсці ў яго ўрад, а Варонку стаць намеснікам, але згоды не атрымаў. Праз дзесяць дзён пасля прызначэння Раман, так і не займеўшы падтрымкі большасці ў Радзе, здаў мандат — і Варонка застаўся на сваёй пасадзе.
Другую спробу Скірмунт зрабіў 9−11 ліпеня 1918 года, скарыстаўшыся тым, што на паседжанне з розных прычын не даехала з дзясятак прадстаўнікоў Рады з ліку левых. Палітык адазваў сваю адмову сфарміраваць кабінет і быў зноў абраны прэм’ерам.
Гэта быў гістарычны шанец прыцягнуць на падтрымку маладой беларускай дзяржавы забяспечаных людзей, якія б маглі даць грошы на стварэнне арміі і дзейнасць органаў улады. Аднак сярод забяспечаных слаёў насельніцтва многія не ўсведамлялі сябе беларусамі. А левыя не хацелі ісці за багатым прадпрымальнікам, якім быў Скірмунт. 13 ліпеня яго прадстаўнікі прыйшлі на сядзібу Народнага сакратарыята, але Варонка адмовіўся перадаваць ім справы і падкрэсліў, што абмяркоўваць гэта будзе толькі з самім Раманам. Усё скончылася тым, што і гэты ўрад падаў у адстаўку.
Пасля гэтага Варонка ўжо нядоўга заставаўся прэм’ерам. 23 ліпеня яго змяніў Янка Серада. Язэпа планавалі адправіць у якасці надзвычайнага пасланніка БНР у Літву, Украіну, Малдову, Грузію «і іншыя паўдзённыя рэспублікі», каб дабівацца прызнання новастворанай беларускай дзяржавы на міжнародным узроўні. Ёсць звесткі, што ў канцы 1918 года Варонка разам са Скірмунтам наведаў Лондан. Аднак эліты Заходняй Еўропы прызнаваць БНР не хацелі, бо папросту не ведалі пра існаванне Беларусі. Заставалася спадзявацца на суседзяў.
Адной з іх была Літва. Восенню 1918 года Германія, выводзячы свае войскі на захад, перадала ўладу ў Літве Тарыбе (аналаг нашай Рады БНР). Але супраць гэтага выступіла Віленская беларуская рада, якая ўзнікла ў пачатку 1918-га, каардынавала дзейнасць мясцовых беларускіх арганізацый і заяўляла, што прадстаўляе беларусаў на іх этнічных тэрыторыях. Каб пазбегнуць канфлікту, літоўцы ўключылі ў Тарыбу шасцярых прадстаўнікоў ВБР і стварылі Міністэрства беларускіх спраў пры ўрадзе Літвы. На пасаду міністра быў прапанаваны Язэп Варонка.
Антон Луцкевіч, які тады ўзначальваў урад БНР, падтрымаў прызначэнне Варонкі. Ён спадзяваўся, што той будзе спрыяць беларускім справам і дапаможа знайсці фінансавую падтрымку структурам самакіравання на Гродзеншчыне, якая тады была пад кантролем Літвы. Да таго ж, сама Рада БНР тады пераехала ў Літву — у Каўнас.
Але, як пісала гісторык Дарота Міхалюк, Варонка пасля прызначэння адчуў сябе «перадусім літоўскім дзяржаўным служачым, які займаўся справамі беларусаў, а не тым, хто адстойваў інтарэсы беларусаў перад літоўскім урадам». На яе думку, такая змена пазіцыі тлумачылася яго жаданнем адыгрываць значную ролю ў палітыцы, прыняццем пралітоўскай арыентацыі, а таксама няздольнасцю апанаваць уласныя крыўды.
Аднак усё было не так проста — можна сказаць, што міністр насамрэч вёў двайную гульню. Літоўцаў ён пераконваў, што выступае за пабудову літоўскай дзяржавы з беларускай аўтаноміяй у складзе (у яе мусілі ўвайсці Гродна, Ліда, Ашмяны, Ваўкавыск, Слонім, Беласток, Брэст, Пружаны, Кобрын). У той жа час яго ведамства прафінансавала выданне кнігі гісторыка Мітрафана Доўнара-Запольскага «Асновы дзяржаўнасці Беларусі», дзе гэтыя тэрыторыі пазіцыянаваліся як выключна беларускія і ніяк не ў складзе Літвы. Агулам жа Варонка і некаторыя іншыя палітыкі спадзяваліся, што Літва зможа дапамагчы беларусам у супрацьстаянні з палякамі і бальшавікамі, якія таксама прэтэндавалі на нашую тэрыторыю.
Аднак гэтага не адбылося. Літоўцы зрабілі стаўку на стварэнне самастойнай дзяржавы. Вясной 1920-га Варонка сышоў са сваёй міністэрскай пасады, а ў ліпені Вільнюс і Савецкая Расія падпісалі дамову, паводле якой значная частка нашай тэрыторыі з гарадамі Гроднам, Шчучынам, Лідай, Ашмянамі, Смаргонню, Паставамі і Браславам пераходзіла ў склад Літвы.
Надзеі ўраду БНР на прызнанне з боку іншых суседніх дзяржаў таксама не апраўдаліся. Масква і Варшава на два дзесяцігоддзі падзялілі Беларусь, а БНР так і не змагла стаць паўнавартаснай дзяржавай. І ўсё ж яна — і людзі, якія спрабавалі яе стварыць, — адыгралі найважнейшую ролю ў нашай гісторыі. Менавіта з’яўленне БНР падштурхнула бальшавікоў абвясціць БССР — а без апошняй пасля распаду СССР не ўзнікла б незалежная Беларусь.
Жыхар Чыкага
Рада БНР працягвала існаваць у эміграцыі — у Празе. Вялікая беларуская дыяспара была ў ЗША, і ў 1923 годзе там запланавалі з’езд мясцовых беларусаў. На яго збіраліся прыехаць некалькі прадстаўнікоў БНР, але дабраўся толькі Язэп Варонка. Ён папярэднія гады займаўся журналісцкай і грамадскай дзейнасцю, а акурат у 1923-м яго прызначылі міністрам асветы БНР (хоць гэта была ўжо чыста віртуальная пасада) і адначасова паўнамоцным дэлегатам у Амерыцы.
Прыезд Варонкі шырока рэкламаваўся па-беларуску, па-руску і па-англійску. З’яўленне «селебрыці» дапамагло зрабіць сустрэчу больш масавай, сабраць дэлегатаў з некалькіх штатаў. На з’ездзе стварылі Беларуска-амерыканскую нацыянальную асацыяцыю, і Варонка быў абраны яе старшынёй. Невядома, ці планаваў ён да таго ўсур'ёз пераезд у ЗША, — але, так ці іначай, ён там застаўся. І тым самым выцягнуў шчаслівы квіток.
Яго калегі тады амерыканскую эміграцыю выбіралі рэдка, збольшага ўсе дзеячы БНР жылі ў Еўропе. Адны — як Язэп Лёсік, другі старшыня Рады БНР — хутка адышлі ад палітыкі і засталіся ў Менску. Другія, як Вацлаў Ластоўскі, прыехалі ў БССР з эміграцыі ў сярэдзіне 1920-х, паверыўшы абяцанням бальшавікоў і пачатай тады палітыцы беларусізацыі. Трэція, як Антон Луцкевіч, трапілі ў рукі савецкіх уладаў у 1939-м, калі Заходнюю Беларусь аб’ядналі з БССР. Практычна для ўсіх іх гэта закончылася рэпрэсіямі і смерцю. Выжылі адзінкі, якія не паверылі Маскве і засталіся далёка ад радзімы.
У Чыкага Варонка і ягоныя паплечнікі адкрылі офіс, завязалі блізкія кантакты з іншымі этнічнымі арганізацыямі (немцамі, літоўцамі, славакамі і ўкраінцамі), а таксама мясцовымі ўстановамі (напрыклад, Смітсанаўскім універсітэтам). Ладзіліся вечарыны і канцэрты, на якіх раздавалі адмысловыя тэксты з інфармацыяй пра Беларусь і нашых суайчыннікаў у ЗША. З тых часоў амерыканскія беларусы сталі маштабна святкаваць 25 Сакавіка. Варонка і яго калегі праводзілі лекцыі ў школах Чыкага і суседніх гарадоў і штатаў, дзе жылі беларусы, дапамагалі засноўваць там нацыянальныя арганізацыі.
Але трэба было і неяк зарабляць на хлеб. Як згадвалі сябры экс-прэм'ера, «першыя гады за акіянам былі для яго вельмі цяжкія <…> ён прабаваў наладзіць беларускае жыцьцё, хапаўся тае ці іншае фізычнае працы й прыняў шмат пакутаў, асабліва маральных». Варонка працаваў настаўнікам, супрацоўнічаў як журналіст з выданнямі расійскай дыяспары, а ў 1926 годзе стаў галоўным рэдактарам «Беларусской Трибуны» — першай айчыннай газеты ў ЗША (выходзіла да 1932-га). Выданне змяшчала найперш мясцовыя беларускія навіны, а таксама давала падборку падзей ва ўсім свеце: ад БССР да жыцця іншых дыяспар. Праца «Трыбуны» грунтавалася на ідэі незалежнасці Беларусі. Пры гэтым, хоць частка матэрыялаў бывала на беларускай і англійскай мовах, збольшага газета выдавалася па-руску. Рэдакцыю за гэта крытыкавалі, аднак прагматык Варонка імкнуўся пашырыць самасвядомасць суайчыннікаў-эмігрантаў, а яны пераважна былі рускамоўнымі.
У адным з англамоўных артыкулаў тады, стагоддзе таму, выданне даказвала, што нашую краіну «дакладней і слушней» называць Belorus, а нацыянальнасць — Belorussians, бо ў ЗША тых часоў часта гучала назва White Ruthenia або White Russia («Белая Расія»).
Эмігранты выкарыстоўвалі разнастайныя магчымасці, каб заявіць пра сябе і вырашаць свае пытанні. У 1928 годзе Варонка і яго паплечнікі прынялі актыўны ўдзел у амерыканскіх прэзідэнцкіх выбарах, выступіўшы ў падтрымку кандыдата ад дэмакратаў Альфрэда Сміта. Яны арганізавалі агітацыйныя групы ў розных раёнах Чыкага, адкрылі выбарныя штабы. Варонка займаўся рэкламай і рыхтаваў тэксты выступаў для сваіх калег. Сам Альфрэд Сміт прыняў нашую дэлегацыю і заявіў, што «удзел беларусаў у гэтай палітычнай кампаніі — [іх] першы крок у галоўнае цячэнне амерыканскага жыцця». Цяпер бы такое мала каго здзівіла, тады ж гэта ўспрымалася як сенсацыя. Аднак дэмакраты тыя выбары прайгралі.
Актыўнасць беларусаў выклікала і непажаданую ўвагу з боку рускіх эмігрантаў і іх левых арганізацый, якія мелі сувязі з камуністычным СССР. Тыя ў сваім друку часта атакавалі Варонку і яго паплечнікаў, абвінавачвалі іх у тым, што яны былі ворагамі рабочага класа, хацелі скінуць савецкі ўрад, штурхалі імігрантаў галасаваць за капіталістычныя партыі і г. д. Гэтыя абвіначванні — тыповая камуністычная рыторыка таго часу — працягваліся дзесяцігоддзямі, адзначаецца ў мемуарах Вітаўта Кіпеля «Беларусы ў ЗША».
Радыёвядучы
У 1929-м неўтаймоўны Варонка стварыў на чыкагскім радыё штотыднёвую праграму «Беларуская гадзіна». Каля года яна гучала па-беларуску, але пасля па фінансавых прычынах давялося перайсці на рускую. У выніку наша мова гучала ў эфіры толькі зрэдчас.
Гэта была не адзіная праява павароту Варонкі ў бок Расіі. Не адмаўляючыся ад сваіх палітычных поглядаў, ён стаў удзельнічаць у жыцці рускай дыяспары: быў сябрам рускага праваслаўнага таварыства, уваходзіў у яго выдавецкую і школьную камісіі, нават пісаў пра творчасць расійскіх пісьменнікаў Фёдара Дастаеўскага і Льва Талстога.
Як да гэтага дайшло? Па-першае, Варонка жыў у Пецярбургу, не застаў савецкія часы і таму мог не атаясамліваць Расію з камуністамі. Магчыма, да рускай дыяспары яго прыцягнулі культурныя сімпатыі і асабістыя сувязі. Другая прычына была яшчэ больш банальнай. Усе трыццатыя ў ЗША працягвалася Вялікая дэпрэсія. Грошай усім моцна не ставала, і актыўнасць беларусаў прыціхла. Да таго ж Язэп у 1932-м ажаніўся з полькай Маяй Пятроўскай, а сям’я не магла не патрабаваць грошай. Словам, фінансавае пытанне стаяла востра, а дзейнасць у рускай дыяспары дазваляла падзарабіць.
Ахвяра халоднай вайны
Калі пачалася Другая сусветная вайна, гэта актывізавала славян-эмігрантаў: нацысцкая расавая тэорыя напрамую пагражала іх народам у краінах, акупаваных немцамі. Восенню 1941 года паўстала Беларуска-амерыканская нацыянальная рада (БАНР) — Варонку абралі яе сакратаром. БАНР ладзіла лекцыі, канцэрты і ўрачыстасці (напрыклад, адзначала гадавіны абвяшчэння БНР і ўгодкі смерці Янкі Купалы), аказвала розную дапамогу суайчыннікам, у тым ліку з эміграцыяй у ЗША — гэта стала асабліва актуальна ў апошні год вайны і паваенны перыяд.
Пры гэтым БАНР удзельнічала ў працы Амерыканскага славянскага кангрэса (АСК). Заснаваны ў 1942-м, ён прапагандаваў камуністычныя ідэі, намагаўся ўплываць на амерыканскую грамадскую думку, прасоўваў фінансавую дапамогу савецкім краінам. Падчас вайны СССР быў саюзнікам ЗША, таму тое адпавядала агульнай атмасферы ў грамадстве.
Але пасля перамогі погляды партнёраў на будучае дыяметральна разышліся — пачалася халодная вайна. Язэп Варонка ж застаўся на ранейшых пазіцыях, што выглядала як сімпатыі ў бок СССР. Гэта знаходзіла непаразуменне сярод эмігрантаў іншых пакаленняў і моцна сапсавала яго рэпутацыю.
Асабліва гэта праявілася, калі напрыканцы 1949 года ў Чыкага прыехаў Мікола Абрамчык. Менавіта яго памерлы ў 1943-м прэзідэнт БНР Васіль Захарка (апошні, хто заставаўся ў структурах БНР з самага іх пачатку) прызначыў сваім пераемнікам. За наступныя гады новы прэзідэнт Абрамчык змог адрадзіць Раду БНР — што ў выпадку вайны Захаду з СССР, якая тады выглядала цалкам рэальнай, дапамагло б аднавіць нашую дзяржаўнасць. У пачатку 1950-га Абрамчык выступіў у Чыкага перад чальцамі Беларуска-амерыканскай нацыянальнай рады. Сярод іншага ён крытыкаваў яе кіраўніка Язэпа Варонку.
Захаваліся адказы: Варонка тлумачыў, што яго арганізацыя стаяла і стаіць на пазіцыях БНР, што абвінавачанні ў прасавецкасці радыё, дзе ён працуе, несправядлівыя, бо радыё камерцыйнае і жыве з рэкламы, за змест якой ён не адказвае (пры гэтым ён паабяцаў старацца зменшыць колькасць прасавецкай рэкламы). Апраўдваўся Язэп і за тое, што не мог запоўніць праграму беларускімі песнямі: не хапала адпаведных запісаў.
Каб наладзіць кантакт з Абрамчыкам, Варонка бясплатна запрасіў яго на эфір (астатнія госці, відаць, звычайна плацілі — як за рэкламу). Але гэта закончылася скандалам. Абрамчык у эфіры выступіў супраць «акупацыі Беларусі маскоўскімі камуністамі», пасля чаго рускія і прарасійскія слухачы закідалі радыёстанцыю абуранымі лістамі.
Летам таго ж 1950 года Варонка падаў заяву аб далучэнні да Рады БНР, сябрам якой ужо быў больш за трыццаць гадоў таму. Але заяву адхілілі, абвінаваціўшы Язэпа ў сімпатыях да Расіі і Савецкага Саюза.
Даследчык Лявон Юрэвіч называў гэтае рашэнне «неапраўдана жорсткім». Аднак асноўнай прычынай, лічыў ён, было тое, што Варонка збіраў подпісы пад «Стакгольмскім заклікам міру» — ініцыятывай СССР па забароне атамнай зброі. У ЗША гэта успрымалася як падрыўная дзейнасць, а агітатары і зборшчыкі подпісаў ставіліся на ўлік ФБР. Абрамчык баяўся, што Раду БНР і падначаленыя ёй беларускія арганізацыі палічаць звязанымі з Варонкам, што прывядзе да забароны іх дзейнасці ў ЗША, праблем для эмігрантаў-беларусаў і гэтак далей. Таму да дзейнасці Рады БНР экс-прэм'ера так больш і не дапусцілі.
Памёр Язэп Варонка ў 1952-м ва ўзросце 61 года. Яго жонка Марыя пражыла 89 гадоў і прыкладна да 1970-га вяла перадачы мужа (дзяцей у іх, мяркуючы па ўсім, не было). Доўгі час месца спачыну першага беларускага прэм’ера было невядомым, і толькі ў 2017-м магілы сямейнай пары знайшоў беларускі святар Аляксандр Аўдзяюк сярод праваслаўных пахаванняў на могілках Элмвуд у прыгарадзе Чыкага — Рывэр Гроўв.
Чытайце таксама


