Украінцы расплачваюцца грыўнямі, казахі — тэнге, жыхары Грузіі — лары, Азербайджана — манатамі. Пасля распаду СССР усе былыя рэспублікі Саюза здабылі свае грошы з характэрнымі нацыянальнымі назвамі, але Беларусь і Расія засталіся з валютамі пад назвай «рубель». Якія яшчэ варыянты былі ў нашай краіны, чаму ў пачатку 2000-х яна адмовілася ад знакамітых «зайчыкаў» і чаму талер так і не стаў валютай нашай краіны? Расказваем, як Беларусь засталася хай і са сваім, але рублём.
Якія грошы ў нас наогул хадзілі?
Першыя манеты з’явіліся на землях сучаснай Беларусі ў І-III стагоддзях нашай эры і былі антычнымі, рымскімі — гаворка пра дэнарыі. Хоць яшчэ доўга ў грамадстве тых часоў у асноўным расплачваліся таварнымі грашыма — ролю грошай маглі выконваць, напрыклад, карова ці скуркі пушных звяроў.
Устойліва манеты на землях Беларусі пачалі хадзіць у IX-X стагоддзях, калі да іх (у тым ліку з дапамогай вікінгаў) дайшлі арабскія дэрхамы. Тады аплатны сродак маглі падзяліць на часткі і ў літаральным сэнсе расплаціцца яе паловай або чвэрцю.
Сваёй развітай манетнай чаканкі на беларускіх тэрыторыях не было, але пазней з’явіліся срэбныя аплатныя зліткі — зусім не такія вялікія, якімі мы прывыклі іх сёння бачыць. Часцей за ўсё гэта былі невялікія прадаўгаватыя кавалачкі каштоўнага металу (прыкладна як абрэзак дроту) — на іх маглі наносіць засечкі, дзякуючы якім тыя лёгка дзяліліся на часткі. Былі і зліткі больш складанай формы — напрыклад шасцікутнай.
Але ў цэлым гэтая форма грошай была простаму насельніцтву недаступная, бо срэбра было высокапробным і дарагім — адзін такі злітак адпавядаў буйной суме, якой у простага селяніна не было, расказвала галоўная спецыялістка Музея грошай Нацбанка Вольга Дудко.
Паводле яе ж словаў, з XIV да XVI стагоддя аснову грашовага абароту на нашых землях складала чэшская манета — пражскі грош. А першыя манеты, адчаканеныя непасрэдна ў Вялікім Княстве Літоўскім, называліся, зноў жа, дэнарый (таксама двудэнарый, альбо пенязь), іх пачалі чаканіць у канцы XIV стагоддзя.
Пазней уласных манет ВКЛ і Рэчы Паспалітай стала больш, а ў Брэсце быў адкрыты манетны двор, які з 1659 года выпускаў манеты з медзі і нізкапробнага срэбра — соліды ці шэлегі (дробныя манеты тыпу шылінга).
«Для беларускіх зямель XVII стагоддзя солід — „манета на кожны дзень“: разлікі за хлеб, соль, падвоз, рамесныя работы. У крыніцах і аўкцыённых знаходках рэгулярна праходзяць каронныя соліды, „літоўскія“ віленскія тыпы, рыжскія выпускі, а таксама суседзі — курляндскія і прускія шылінгі. Масавае хаджэнне і нізкі намінал рабілі солід ідэальнай манетай для паўсядзённага абароту, але адначасова — мішэнню фальшываманетчыкаў: XVII стагоддзе ў Польшчы і ВКЛ вядомае сапраўднай эпідэміяй падробак менавіта ў гэтым намінале», — адзначае рэсурс «Нумізматыка Беларусі».
Таксама ў перыяд Вялікага Княства Літоўскага на беларускіх землях былі распаўсюджаныя талеры, паўтаракі, паўгрошы, шасцігрошавікі (шастакі), а яшчэ залатыя дукаты, адзначала Вольга Дудко.
Першыя ж папяровыя грошы прыйшлі на нашыя землі ўжо пасля падзелаў Рэчы Паспалітай і ўваходжання нашых зямель у склад Расійскай імперыі."Да пачатку XVIII стагоддзя нельга было казаць пра якое-кольвек сур’ёзнае значэнне манеты Расіі ў беларускім грашовым абарачэнні. І гэта нядзіўна. Манетная сістэма [усходняй суседкі] мела толькі маленечкую срэбную капейку няправільнай формы і яшчэ драбнешыя наміналы — дэнгу (½ капейкі) і палушку), якія чаканілася ў невялікіх колькасцях", — гаворыцца ў кнізе вядомага беларускага гісторыка, нумізмата і археолага Валянціна Рабцэвіча «Пра што расказваюць манеты».
Пераход на расійскую грашовую сістэму для Беларусі быў доўгім. Урад імперыі не мог не лічыцца са шматвяковай прывычкай жыхароў беларускіх зямель да польска-літоўскага грашовага ліку, адзначаў Рабцэвіч. Нейкі час царская ўлада была вымушаная «канвертаваць» сваю валюту ў польска-літоўскую. Толькі ў 1840-х з увядзеннем асобных распараджэнняў у Беларусь пачалі прыходзіць і ўмацоўвацца расійскія капейкі і рублі.
А ўжо ў сярэдзіне 1910-х, калі Расія сутыкнулася з грамадзянскай і Першай сусветнай войнамі, у Беларусі пачалі выкарыстоўваць мясцовыя аплатныя сродкі — боны, часовыя грашовыя знакі, якія хадзілі ў канкрэтнай мясцовасці і таксама часам называліся рублямі. Так, у Музеі грошай пры Нацбанку захоўваюцца банкноты розных рэгіёнаў: напрыклад, банкноты аддзялення Палескіх чыгунак, грошы Гомельскага павятовага ведамства. Некаторыя купюры нават абараняліся вадзянымі знакамі.
У 1920-я, калі ў Расіі заканчваецца грамадзянская вайна, ствараецца Савецкі Саюз і стабілізуецца эканоміка, для ўсіх рэспублік з’яўляецца новая грашовая адзінка — спачатку саўзнак, а потым чырвонец (быў роўны дзесяці рублям), таксама выпускаюцца свае манеты. Да 1922-га ўсе мінулыя грашовыя знакі канчаткова выводзяцца з абарачэння. А ў 1947 годзе чырвонцы «адмянілі», пакінуўшы толькі рублі.
Ці маглі ў нас з’явіцца свае грошы за часамі БНР?
За сваё нядоўгае існаванне Беларуская Народная Рэспубліка, абвешчаная ў 1918 годзе, стварыць свае грошы не змагла, хоць у гэты перыяд можна сустрэць згадку «рубля БНР». Аднак гэта таксама была мясцовая кароткатэрміновая бона, якую выпусціла Слуцкае павятовае земства, а не цэнтральны орган. Як і іншыя рэгіянальныя аплатныя сродкі, купюра не трапіла ў шырокае карыстанне насельніцтвам і практычна не паўплывала на грашовае абарачэнне.
На жаль, для стварэння сваёй валюты ў БНР не было інструментаў — як мы ўжо расказвалі, яна не магла аформіцца ў паўнавартасную дзяржаву: яе дзеячы не паспелі распрацаваць заканадаўства, не змаглі запусціць судовую сістэму, свой цэнтральны банк і пачаць збор падаткаў. Затое быў абмежаваны бюджэт, у тым ліку на крэдытныя грошы, і ўсё гэта — ва ўмовах палітычнай няпэўнасці, калі тэрыторыя знаходзілася пад акупацыяй (то нямецкай, то савецкай) і акупацыйныя ўлады не прызнавалі абвяшчэння гэтай рэспублікі.
Як з’явіліся рублі — ужо беларускія
Пасля распаду СССР у 1991 годзе Беларусь, як і іншыя ўжо былыя савецкія рэспублікі, атрымала магчымасць стварыць уласную грашовую сістэму, хоць яшчэ нейкі час заставалася ў рублёвай зоне. У нас па-ранейшаму знаходзіцца ў абароце савецкі, а потым і расійскі рубель.
Але ўжо ў траўні 1992 года Нацыянальны банк Беларусі пачаў выпускаць уласныя разліковыя білеты, каб паступова выцесніць з абарачэння" чужыя". Назву пакінулі старую — рубель (існавала таксама купюра наміналам 50 капеек), і абменьвалі іх адзін да дзесяці савецка-расійскіх рублёў. Так з’явіліся так званыя зайчыкі — купюры з выявамі жывёл. На банкноце наміналам 1 рубель быў выяўлены акурат заяц — ад яго ў народ і пайшла такая назва. На самай буйной купюры, 100 рублях, быў зубр, 50 рублёў упрыгожваў мядзведзь, 25 рублёў — лось, на 10 рублях была рысь, на пяці — воўк, на трох — бабёр. На 50 капеек трапіла вавёрка.
З расійскай рублёвай зоны Беларусь выйшла ў 1993−1994 гадах, тады ж разліковыя білеты перасталі быць часовымі грашыма і замацавалі статус адзінага законнага аплатнага сродку, то-бок беларускі рубель стаў афіцыйнай нацыянальнай валютай. І цяпер ужо не быў прывязаны да расійска-савецкіх грошай.
Але маладая дзяржава не давала рады высокай інфляцыі. Тая з’ядала тыя самыя «зайчыкі», наміналы раслі — ад сотняў да мільёнаў. З часам з’яўляліся буйнейшыя банкноты — дарэчы, ужо з архітэктурнымі сюжэтамі. Трохі ўтаймаваць яе здалося бліжэй да канца 90-х.
1 студзеня 2000 года ўлады правялі першую дэнамінацыю — тады з купюр «выкраслілі» адразу тры нулі: у той момант 1 рубель прыраўнялі да тысячы старых. Але мяняць цяпер ужо ніяк не прывязаную да Расіі валюту саму па сабе не сталі. З таго часу назва ў беларускіх банкнот застаецца ранейшай.
А як іншыя постсавецкія краіны выпускалі свае грошы?
Пасля распаду СССР у так званай рублёвай зоне фармальна заставаліся ўсе 15 былых саюзных рэспублік. І ўсюды спачатку хадзіў адзін і той жа рубель — савецкі, хоць ужо фактычна расійскі.
Аднак новаўтвораныя дзяржавы, як і Беларусь, фармавалі ўласную фінансавую сістэму і прыходзілі да сваёй нацыянальнай валюты. Так, Эстонія яшчэ ў 1990-м аднавіла свой Дзяржбанк, які дзейнічаў да анексіі краіны Савецкім Саюзам у 1940-м, і ў 1992-м перайшла на эстонскую крону, прывязаную да нямецкай маркі.
Тады ж пакінула рублёвую зону Літва — пасля аднаўлення незалежнасці яна ўжо ў 1992-м годзе ўвяла спачатку часовы аплатны сродак, а потым і паўнавартасную нацыянальную валюту, літоўскі літ. Цяпер краіна выкарыстоўвае еўра.
Аналагічны працэс ішоў ва Украіне. У 1992-м краіна ўвяла часовыя пераходныя грошы — купона-карбованцы, у выніку выйшла з рублёвай зоны і стварыла прававую аснову для фармавання нацыянальнай валютнай сістэмы. У 1996-м працэс завяршыўся — улады правялі грашовую рэформу і ўвялі грыўню, перастаўшы выпускаць пераходную валюту.
Падобны шлях прайшла і Грузія. Пасля здабыцця незалежнасці краіна яшчэ нейкі час карысталася рублём, але выбрала курс на незалежную валютную палітыку, кантроль над інфляцыяй і грашовай масай у краіне і спачатку ўвяла свой часовы грузінскі купон. Яго таксама хутка з’ядала інфляцыя, але ў краіне стварылі Нацыянальны банк, інфляцыю знізілі, назапасілі валютныя рэзервы і ў 1995-м увялі сваю нацыянальную валюту — лары (з разменнай манетай тэтры).
У выніку да канца 1990-х усе постсавецкія краіны перайшлі на свае нацыянальныя валюты. Казахстан выкарыстоўвае тэнге, Кыргызстан — сом, Арменія — драм, Азербайджан і Туркменістан расплачваюцца манатам (кожны сваім), Малдова — леем, Узбекістан — сумам, Латвія да пераходу на еўра карысталася латам. Даволі доўга існаваў таджыкскі рубель (таксама рубл), пакуль у 2000 годзе яго не замяніў самоні. У выніку старую савецкую назву захавалі толькі грошы Расіі і Беларусі.
У нас таксама магла быць свая, гістарычна адрозная ад рубля валюта
Афіцыйна свой дзень нараджэння беларускі рубель адзначае 25 траўня — у гэты дзень у 1992 годзе валюта была ўведзеная ў абарачэнне. Але для яе абмяркоўвалася як мінімум адна альтэрнатыўная назва — талер. Так называлася буйная еўрапейская срэбная манета XVI стагоддзя, якая хадзіла і на нашай тэрыторыі, якую мы згадвалі ў пачатку гэтага тэксту. Талер стагоддзямі служыў галоўнай валютай у многіх частках Еўропы і дзякуючы гэтаму меў вялікае значэнне, а таму стаў адным з сімвалаў еўрапейскай грашовай традыцыі. Дарэчы, ад назвы гэтай манеты паходзіць слова «даляр».
У 1991 годзе Саўмін БССР даў дазвол на стварэнне беларускага Дзяржзнака — то-бок прадпрыемства, якое мусіла выпускаць рознага роду афіцыйныя паперы і бланкі, у тым ліку грошы. Неўзабаве мастак Уладзімір Крукоўскі падрыхтаваў канцэпцыю і абгрунтаванне нацыянальнай валюты: талераў у якасці банкнот і грошаў у якасці манет. Эскізы купюр з выявамі нацыянальных герояў стварыў мастак Леанід Бартлаў.
На эскізах банкнот былі вядомыя гістарычныя асобы розных эпох — княгіня Рагнеда і Усяслаў Чарадзей, Еўфрасіння Полацкая і Францыск Скарына; дзеячы Вялікага Княства Літоўскага Леў Сапега і Канстанцін Астрожскі; паўстанец Кастусь Каліноўскі; паэты Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч; бацькі Беларускай Народнай Рэспублікі браты Луцкевічы.
«Навукоўцы падрыхтавалі гістарычныя абгрунтаванні: што нясе з сабой кожная грашовая купюра; што чалавек, які бярэ ў рукі разліковы білет, павінен адчуваць, — не толькі ўручыў і за гэта нешта атрымаў, а нешта нашмат большае», — успамінаў Бартлаў.
Ідэю з такой назвай новай валюты актыўна прасоўваў Беларускі Народны Фронт (БНФ) — паводле задумы арганізацыі, Беларусь мусіла пайсці прыкладна тым самым шляхам, што краіны Балтыі, а потым і Украіна. «Мы павінны захаваць наш таварны рынак, эканоміку ад разбурэння і ўвесці сваю валюту — беларускі талер, а на падрыхтоўчы перыяд — пераходныя грошы (купоны). Мы павінны ажыццявіць канцэпцыю незалежнай беларускай дзяржавы як свабоднай еўрапейскай краіны», — гаварылася ў тэксце заявы БНФ ад 6 лістапада 1991 года.
У 1992 годзе ў тагачасным парламенце — Вярхоўным Савеце — прагучала прапанова ў якасці назвы новай валюты ўзяць слова «талер». Але камуністычная большасць у парламенце прагаласавала супраць. «Тады кіраўнік Дзяржзнака Беларусі дэпутат Сяргей Слабчанка пайшоў у найбліжэйшую бібліятэку і змаляваў з дзіцячай энцыклапедыі ўпадабанага зайца, які і стаў сімвалам беларускіх грошай», — успамінала «Комсомольская правда в Беларуси».
Вось што расказваў пра тое, як у 1992-м выбар спынілі на рублі, дэпутат ад БНФ Юрась Беленькі: «Падыходжу да старшыні [фінансавай планава-бюджэтнай камісіі Рамана Унучка]: „Як жа так, а талер?!“ Адказ быў фэерычны: „У музэі грошай у Швайцарыі я запытаў, ці была такая валюта „беларускі талер“. І там сказалі, што не“. Я проста засмяяўся, бо, каб прымаць такія рашэнні, трэба мець хоць мінімум базавых ведаў. Разумець, як раней называлася Беларусь, дзе эмітаваўся той жа талер».



