Вы можаце даслаць нам 1,5% сваіх польскіх падаткаў
Беларусы на вайне
Читать по-русски


/

Па колькасці краін і народаў, якія лічаць Казіміра Малевіча «сваім», ён можа лёгка паспрачацца з такімі гістарычнымі фігурамі, як Адам Міцкевіч, Тадэвуш Касцюшка, Нікола Тэсла, Авіцэна ці Аляксандр Македонскі. Нярэдка ўспамінаюць і пра сувязі знакамітага мастака з Беларуссю. А кім лічыў сябе сам заснавальнік супрэматызму, адкуль паходзілі яго продкі і які ўнёсак ён зрабіў у беларускую культуру?

Барацьба за нацыянальнасць мастака

Разнамоўныя старонкі Вікіпедыі трактуюць нацыянальнасць Казіміра Малевіча вельмі па-рознаму. Аўтары гэтай інтэрнэт-энцыклапедыі на ўкраінскай мове называюць яго «ўкраінскім авангардыстам», у нямецкамоўным артыкуле Малевіч — «найбуйнейшая фігура рускага авангарду» з бацькамі «польскага паходжання», у рускамоўнай Вікі ён «рускі і савецкі мастак польскага паходжання», у англамоўнай — проста «рускі авангардысцкі мастак». А польскі артыкул называе яго «ўкраінскім мастаком польскага і беларускага паходжання».

Дзве версіі беларускай Вікіпедыі таксама разышліся ў «паказаннях». Артыкул на афіцыйнай версіі правапісу называе яго «ўкраінскім мастаком польскага паходжання», а класічная версія (на «тарашкевіцы») наогул абыходзіцца без згадкі персанальнай нацыянальнасці Малевіча і толькі паведамляе, што той нарадзіўся ў сям'і беларускага этнографа, якая, магчыма, належала да ўкраінскай шляхты.

Казимир Малевич, 1925 год. Фото: commons.wikimedia.org
Казімір Малевіч, 1925 год. Фота: commons.wikimedia.org

Барацьба за нацыянальную прыналежнасць заснавальніка супрэматызму вядзецца не толькі на старонках Вікіпедыі. З сярэдзіны 2023 года ў знакамітым музеі Амстэрдама Стэдэлейк, дзе захоўваецца адна з найбуйнейшых калекцый работ мастака, у галерэйных тэкстах Малевіча пачалі называць не рускім, а ўкраінскім мастаком, які нарадзіўся ад польскіх бацькоў.

Мабыць, самы важкі фактар падчас вызначэння нацыянальнасці чалавека — гэта тое, кім сябе лічыць ён сам. І Малевіч адказваў на гэтае пытанне не раз. Але перш чым расставіць кропкі над «i» ў гэтым пытанні, давайце сцісла ўспомнім, чым наогул вядомы гэты мастак, каб зразумець, чаму пытанне яго нацыянальнай прыналежнасці выклікае такія вострыя спрэчкі.

Не толькі «Чорны квадрат», або чаму Малевіч такі вядомы

Карціну, якая называецца «Чорны супрэматычны квадрат», можна лічыць своеасаблівай візітоўкай Казіміра Малевіча, дзякуючы якой ён шырока вядомы нават сярод вельмі далёкіх ад мастацтва людзей. Вялікая прастата гэтай працы шакуе многіх, асабліва пасля таго, як яны даведваюцца пра яе ацэначны кошт у дзясяткі мільёнаў даляраў. Ну як жа так?! Чаму карціну, якую з дапамогай лінейкі, чорнай фарбы і ватмана здольнае паўтарыць нават абсалютна пазбаўленае таленту дзіця, лічаць шэдэўрам і ацэньваюць так дорага? Усё гэта папахвае нейкай змовай — ці сведчыць пра тое, што мастацтвазнаўцы і калекцыянеры дарагіх карцін звар’яцелі.

Женщина чистит стекло, покрывающее авторскую копию картины «Черный квадрат» Казимира Малевича, выставленную в Москве, 6 марта 2002 года. Фото: Reuters
Жанчына чысціць шкло, што закрывае аўтарскую копію карціны «Чорны квадрат» Казіміра Малевіча, выстаўленую ў Маскве, 6 сакавіка 2002 года. Фота: Reuters

На самай справе каштоўнасць «Чорных квадратаў» (акрамя арыгіналу, напісанага ў 1915 годзе, Малевіч пазней стварыў тры копіі) складаецца не з цікавага сюжэту або складанай тэхнікі, а са значэння асобы іх стваральніка і з сэнсу, які ён у іх уклаў. Максімальна лаканічны «Чорны квадрат» стаў своеасаблівым графічным гімнам, квінтэсенцыяй супрэматызму — напрамку ў абстрактным мастацтве, які стварыў Малевіч.

Паводле задумы мастака, супрэматызм (тэрмін паходзіць ад лацінскага supremus, «найвышэйшы» праз польскае supremacja — «перавага») — гэта перавага чыстага адчування над выяўленнем прадметнага свету. Мастак лічыў яго найвышэйшай ступенню развіцця мастацтва на шляху вызвалення ад усяго немастацкага, якая не мае патрэбы ў стварэнні наўмысных ілюзій традыцыйнага жывапісу. Супрэматызм сваёй памежнай прастатой падводзіць жывапіс да мяжы, за якой ён ужо, здаецца, проста не існуе. Яго стваральнік прапанаваў людзям глядзець на чыстыя форму і колер як на самадастатковую рэальнасць, якая не мае патрэбы ні ў сюжэце, ні ў персанажах, ні ў вядомым вобразе.

Картины Казимира Малевича на выставке, 1915 год. Фото: Ателье Буллы, commons.wikimedia.org
Карціны Казіміра Малевіча на выставе, 1915 год. Фота: Атэлье Булы, commons.wikimedia.org

Казімір Малевіч быў не толькі мастаком-практыкам, але і моцным тэарэтыкам. Для новага мастацтва ён у некалькіх працах сфармуляваў уласную філасофію. Так, у сваім маніфесце 1916 года «Ад кубізму і футурызму да супрэматызму» аўтар сцвярджаў: «Калі знікне звычка свядомасці бачыць у карцінах выяўленне куткоў прыроды, мадоннаў і бессаромных венераў, мы толькі тады ўбачым чысты твор жывапісу. Я відазмяніўся ў нулі формаў і вылавіў сябе з віра дрэні Акадэмічнага мастацтва. Я знішчыў кальцо гарызонту і выйшаў з кола рэчаў, з кальца гарызонту, у якім увязненыя мастак і формы натуры. <…> Пісаць улюбёныя прадметы і куткі прыроды — усё роўна што злодзею захапляцца на свае закутыя ногі».

Гэтая канцэпцыя вызвалення мастацтва ад матэрыяльных аб’ектаў пазней пачала выкарыстоўвацца не толькі ў жывапісе, але ў графічным, прамысловым і вэб-дызайне, у архітэктуры — усюды, дзе важныя мінімалізм і функцыянальнасць. У выніку памерлы ў 1935 годзе Казімір Малевіч аказаўся адным з самых радыкальных і адначасова самых уплывовых мастакоў XX стагоддзя, а свет, якім мы яго ведаем цяпер, без супрэматызму амаль напэўна выглядаў бы інакш.

Картина Казимира Малевича «Точильщик (Принцип мелькания)», созданная художником в 1912 или 1913 году. Фото: Reuters
Карціна Казіміра Малевіча «Тачыльшчык (Прынцып мільгання)», створаная мастаком у 1912 ці 1913 годзе. Фота: Reuters

Паляк, беларус ці ўкраінец, які перадумаў быць украінцам?

Але чаму меркаванні пра нацыянальнасць Малевіча так адрозніваюцца? І кім мастак лічыў сябе сам?

Як адзначае канадскі мастацтвазнаўца Міраслаў Шкандрый, многія жыццяпісы Казіміра Малевіча пачынаюцца з яго пераезду ў Маскву і засяроджваюцца на яго жыцці і працы ў гэтым горадзе і ў Санкт-Пецярбургу (Ленінградзе). У дадатак стваральнік супрэматызму нарадзіўся і вырас на тэрыторыі Расійскай імперыі, а працаваў і развіваў свой кірунак ужо ў СССР. Усё гэта і дазваляе некаторым аўтарам называць яго «рускім» або «савецкім» мастаком.

Калі разгледзець гэтае пытанне крыху ўважлівей, то лёгка ўспомніць, што Расійская імперыя была шматнацыянальнай дзяржавай, а СССР наогул складаўся на момант смерці Казіміра Малевіча з сямі фармальна раўнапраўных саюзных рэспублік. Таму аўтаматычна залічыць яго на гэтай падставе ў «рускія» мастакі дакладна не атрымаецца. Ды і лічыць яго часткай такой спрэчнай этнічнай супольнасці, як «савецкі народ», можна было б у тым выпадку, калі б ён сам сябе такім лічыў. А такіх сведчанняў не захавалася.

На польскае паходжанне Малевіча намякае моўнае пытанне — а менавіта тое, што, паводле многіх сведчанняў, мовай зносін у сям'і маленькага Казіміра была менавіта польская (зрэшты, гэтае пытанне спрэчнае — да яго мы яшчэ вернемся крыху пазней). У польскіх крыніцах часта падкрэсліваецца паходжанне бацькоў Малевіча з гэтай нацыі. Яны, як і належыць палякам таго часу, хрысцілі свайго сына ў касцёле — праўда, у кіеўскім.

Запись о рождении и крещении Казимира Малевича в метрической книге римско-католического костела св. Александра в Киеве, 1879 год. Фото: Центральний державний історичний архів України, м. Київ. Ф. 1268, оп. 1, спр. 26, арк. 13зв-14., commons.wikimedia.org
Запіс пра нараджэнне і хрышчэнне Казіміра Малевіча ў метрычнай кнізе Рымска-каталіцкага касцёла св. Аляксандра ў Кіеве, 1879 год. Фота: Центральний державний історичний архів України, м. Київ. Ф. 1268, оп. 1, спр. 26, арк. 13зв-14., commons.wikimedia.org

У поўнай біяграфіі Малевіча, якая не будзе пачынацца з пераезду ў Маскву ў 1904 годзе, лёгка знайсці важкія аргументы на карысць таго, што ён украінец. Паводле шырока прынятай (але не адзінай) версіі, будучы мастак нарадзіўся ў 1879 годзе ў Кіеве ці пад Кіевам і да 17 гадоў жыў як у гэтым горадзе, так і ў маленькіх украінскіх мястэчках і вёсках: Ямпалі на Падоле, Пархомаўцы на Харкаўшчыне, Ваўчку і Белаполлі паміж Кіевам і Харкавам, Канатопе паміж Чарнігавам і Сумамі. Менавіта на імавернай радзіме, ва Украіне, Малевіч фармаваўся як мастак і вучыўся ў Кіеўскай малявальнай школе. У дадатак, сталеючы ў гэтай краіне, мастак вывучыў украінскую мову і, як сведчыла яго сястра, выдатна яе ведаў. А вось рускую засвойваў ужо пазней, калі разам з бацькамі пераехаў у Курскую вобласць са змяшаным руска-ўкраінскім насельніцтвам.

Зрэшты, беларускія даследчыкі знайшлі ў Малевіча карані і ў нашай краіне. Мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі сцвярджае, што продкі мастака — беларуская шляхта, чый родавы маёнтак знаходзіцца ў Малеве пад Нясвіжам. Сваю версію ён падмацоўвае тым, што вучаніца Малевіча Надзея Хадасевіч звяртала ўвагу на моцны беларускі акцэнт свайго настаўніка, а ён сам сцвярджаў, што яго бацька размаўляў «папросту» (нагадаем, што менавіта «прастой мовай» ці «прастой гаворкай» называлі і працягваюць называць мову некаторых беларускіх супольнасцяў).

У сваю чаргу, знакаміты беларускі навуковец, літаратуразнаўца Адам Мальдзіс знайшоў сведчанні пра тое, што Казімір Малевіч наогул нарадзіўся і пражыў ранняе дзяцінства ў Беларусі, на Капыльшчыне. Як меркаваў даследчык, бацька мастака, Севярын Малевіч, мог актыўна ўдзельнічаць у паўстанні 1863 года ў Беларусі і пасля яго здушэння быў вымушаны хавацца ад пераследу па дамах знаёмых шляхціцаў. А калі Казіміру споўнілася тры гады, яго бацька, каб замесці сляды, перабраўся з сям’ёй ва Украіну. Падмацоўваючы гэтую гіпотэзу пра паходжанне вядомага мастака, фалькларыст Арсень Ліс высветліў, што Севярын Малевіч у 1907 годзе нават апублікаваў у «Известиях императорской академии наук» зборнік беларускіх песень, запісаных на Капыльшчыне.

Территория бывшей усадьбы в деревне Малево под Несвижем. Фото: dmitrij-kr.livejournal.com
Тэрыторыя былой сядзібы ў вёсцы Малева пад Нясвіжам. Фота: dmitrij-kr.livejournal.com

А што казаў ён сам?

Але вернемся да таго вычарпальнага і дастатковага крытэру нацыянальнасці Малевіча, які, як здаецца, мусіць канчаткова вырашыць гэтае пытанне: а кім сябе лічыў сам мастак?

На жаль, тут таксама ўсё не так проста. Нават калі абапірацца на публічныя сцверджанні і дзеянні Казіміра Малевіча, рабіць адназначную выснову пра яго нацыянальнасць не выпадае. Мастак жыў у вельмі складаны час, калі выбар гэтага пункта біяграфіі мог паўплываць і на кар’ерныя магчымасці, і на бяспеку. Так, у 1927−1928 гадах Малевіча выпускалі з выставамі за мяжу, у Берлін і ў Варшаву. Спрабуючы знайсці падчас адной з такіх паездак працу ў Польшчы, ён называў сябе палякам.

У той жа час, далучыўшыся пазней да мастацкага Аб’яднання сучасных майстроў Украіны, ён пачаў афіцыйна ідэнтыфікаваць сябе як украінца. Гэтую нацыянальнасць ён упісваў у афіцыйныя дакументы і нават настойваў на тым, каб так рабілі яго сваякі — на вялікае здзіўленне некаторых з іх.

Почтовая марка к 140-летней годовщине со дня рождения Казимира Малевича, Украина, 2018 год. Фото: facebook.com/ukrposhta
Паштовая марка да 140-гадовай гадавіны з дня нараджэння Казіміра Малевіча, Украіна, 2018 год. Фота: facebook.com/ukrposhta

Можа, гэтага дастаткова, каб паставіць кропку ў пытанні нацыянальнай прыналежнасці Казіміра Малевіча? Ён думаў, вагаўся, але ўрэшце вырашыў лічыць сябе ўкраінцам — значыць, так яно і ёсць! Але аднойчы, калі яму не вярнулі працы пасля адной з выставаў у Кіеве, пакрыўджаны мастак заявіў: «Я больш не хачу быць украінцам!» Так што і тут усё не так адназначна.

Спрэчкі пра нацыянальную прыналежнасць якой-небудзь гістарычнай фігуры часта распальваюцца сіламі, якія імкнуцца выкарыстоўваць у сваіх мэтах міжнацыянальную варожасць і правакуюць яе рост. Але на гэтае пытанне можна паглядзець і з іншага боку.

Калі Адама Міцкевіча, Тадэвуша Касцюшку, Ніколу Тэслу ці Аляксандра Македонскага «сваімі» лічаць адразу некалькі народаў, памяць пра такую асобу і шанаванне яе могуць аб’ядноўваць людзей, а не падзяляць іх. З гэтага пункту гледжання няма ніякага сэнсу і ў тым, каб даказваць польскасць, украінскасць ці беларускасць Казіміра Малевіча. Калі прадстаўнікі ўсіх гэтых народаў цэняць мастака і яго творчасць і хочуць лічыць яго спадчыну часткай сваёй нацыянальнай культуры, гэта толькі падкрэслівае маштаб яго асобы. І паказвае, што ва ўсіх гэтых народаў ёсць нешта агульнае. Хоць бы і сам Малевіч, шанаваць якога ўсе могуць па-свойму.

Які след Малевіч пакінуў у культуры Беларусі?

Пытанне пра беларускае паходжанне Казіміра Малевіча можна лічыць дыскусійным. Але вось яго ўнёсак у культуру Беларусі — і асабліва яе самага паўночнага абласнога цэнтра — не заўважыць вельмі складана. У 1919−1922 гадах мастак жыў і працаваў у Віцебску, які ён імкнуўся зрабіць сусветнай сталіцай супрэматызму, у якім пісаў кнігі і ў якім стварыў творчае аб’яднанне УНОВИС («Утвердители нового искусства»). Тут ён выкладаў у Народным мастацкім вучылішчы разам з Маркам Шагалам, Элем Лісіцкім, Давідам Якерсонам, Юдэлем Пэнам, Аляксандрам Ромам, Верай Ермалаевай, Нінай Коган.

Участники объединения УНОВИС (Малевич стоит второй слева), 1922 год, Витебск. Фото: commons.wikimedia.org
Удзельнікі аб’яднання УНОВИС (Малевіч стаіць другі злева). Фота: commons.wikimedia.org

І менавіта Віцебск стаў галоўным маштабным эксперыментам Казіміра Малевіча, свайго роду вынікам яго тэарэтычных пошукаў у галіне горадабудаўнічага дызайну і праверкай стылістычных магчымасцяў супрэматызму. Быццам ператварыўшы горад у свой мальберт, мастак распісаў і перафарбаваў брудныя цагляныя сцены мясцовых будынкаў на свой супрэматычны манер.

Вось як пра гэта расказваў знакаміты рэжысёр Сяргей Эйзенштэйн:

Странный провинциальный город.

Как многие города Западного края — из красного кирпича. Закоптелого и унылого. Но этот город особенно странный. Здесь главные улицы покрыты белой краской по красным кирпичам. А по белому фону разбежались зеленые круги. Оранжевые квадраты. Синие прямоугольники.

Это Витебск 1920 года. По кирпичным его стенам прошлась кисть Казимира Малевича. «Площади — наши палитры», — звучит с этих стен…

Перед глазами оранжевые круги, красные квадраты, зеленые трапеции…

Супрематические конфетти, разбросанные по улицам ошарашенного города.

Кампазіцыі з правільнымі геаметрычнымі фігурамі хутка запоўнілі прастору Віцебска, яго вуліцамі паехалі распісаныя супрэматычнымі знакамі трамваі. Ля ўваходаў у дзяржустановы з’явіліся супрэматычныя шыльды. Усё гэта быццам стварала новы свет, напоўнены яркімі фарбамі.

Декорирование Белых казарм в Витебске Малевичем и учащимися Художественного училища к празднованию двухлетней годовщины Комитета по борьбе с безработицей, Витебск, 1919. Фото: tretyakov.ru
Дэкараванне Белых казармаў у Віцебску Малевічам і навучэнцамі мастацкага вучылішча да святкавання двухгадовай гадавіны Камітэта па барацьбе з беспрацоўем, Віцебск, 1919 год. Фота: tretyakov.ru

Нягледзячы на такое маштабнае супрэматычнае «заваяванне» Віцебска, жыццё Малевіча ў горадзе на Дзвіне было зусім не ідылічным. Далёка не ўсім савецкім чыноўнікам падабаліся яго смелыя эксперыменты, ды і эканамічнае становішча ў краіне пакідала жадаць лепшага.

У лісце Малевіча Лісіцкаму з Віцебска ў Берлін у ліпені 1922 года ён так апісваў сітуацыю: «Цярпім жудасны голад. Я на валаску, Хлебнікаў ужо ляжыць паралічам разбіты. Здаецца, прывязуць яго ў Петраград. Жорсткае цкаванне чыноўнікаў на нас; галоўныя цкавальнікі — Давід Штэрэнберг і К. Да 15 жніўня буду ў Віцебску».

Не вытрымаўшы суровых рэалій беларускага жыцця ў канцы грамадзянскай вайны, Казімір Малевіч урэшце перабраўся ў Петраград (будучы Ленінград), дзе ўзначаліў Інстытут мастацкай культуры. Туды ж за настаўнікам выехалачастка яго вучняў. Тым не менш віцебскі раздзел яго жыцця назаўсёды застаўся важным раздзелам гісторыі супрэматызму, а таксама беларускай і сусветнай мастацкай культуры ў цэлым.